Уладзімір Сцяпан
Гадоў сем таму, адзін рыбак сталага веку сказаў такое: “Кожная рака пахне жанчынай… А сапраўдная жанчына — пахне ракой. І ёсць на белым свеце рака любімая, якую памятаеш, да якой вяртаешся, з якой жывеш…”
Агеньчык запалкі, разгубленая ўсмешка і цыгарэта ў вузлаватых пальцах. Такім застаўся ў маёй памяці стары рыбак. У яго было прозвішча – Порах, а звалі Віктар Мікалаевіч.
Сяргей Цымбал, двойчы пад час арышту губляў прытомнасць.
Цымбал ажаніўся з Люськай, калі яе малому і года не было. Люська гуляла са школы… Пра гэта ведалі ўсе, вядома, акрамя Сяргея. А можа і ён ведаў, але маўчаў. Ён быў шчаслівы і Косціка любіў, як свайго. Насіў малога на руках, вазіў у вазку. Забаўляў, як мог, хваляваўся за яго здароў’е, а Люська гуляла. У яе заўсёды былі грошы. Працавала яна ў завадскім гатэлі – пакаёўкай-касцялянкай… Так яны пражылі два гады. Потым, пад раніцу, міліцыя, суседзі-сведкі, ператрус, арышт. Капэрту з далярамі знайшлі ў дыктавай клятчастай скрынцы з-пад шахмат. Сяргей узяў віну на сябе. Даляры, чаму і хапіліся, былі мечаныя — хабар для дырэктара завода. Люська на суд прыйшла з Косцікам. На ёй была аксамітная сукенка, чорна-сіняя, тая у якой яна брала з Сяргеем шлюб. Пакуль Цымбал не прыйшоў з турмы, а гэта тры гады, сукенка ляжала ў шафе.
У пятнаццаць гадоў у мяне яшчэ не раслі вусы, а ў Жоркі — майго аднакурсніка, была рудаватая густая шчэць. Да і выглядаў ён старэйшым за свае гады… Шырокі ў плячах, важкі, грунтоўны, як вясковец. Усё, за што не бярэцца, робіць павольна. Кніжак не чытае, гісторыяй мастацтва не цікавіцца, дыктоўкі на двойкі піша, а сачыненні выкладчыца зачытвае, як узоры дзікунскай непісьменнасці…
Як жа ён змог-здолеў са звычайнага краявіду зрабіць такую незвычаўную карціну? Сонца на ёй — зялёнае, а трава і дрэвы — пурпуровыя… І яшчэ нешта было на той карціне, ды не памятаю. Мне хапіла аднаго таго зялёнага сонца, каб захлынуцца, зайсціся ад зайздрасці, а потым ад радасці, і зразумець, што ўсё правільна, ўсё так і трэба – сонца можа і павінна быць зялёным. Мае вочы тады і адкрыліся — карціна дапагла.
Пасля першага курса высветліцца, Жорка – дальтонік. Яго, самага рэаліста-натураліста, выпруць з мастацкай вучэльні, як якога дысідэнта… Не за палітычныя погляды, не за пурпуровую траву, а за кепскія адзнакі. А яго зялёнае сонца застанецца са мной. Сонца можа быць зялёным!
На Беларусі жанчыны жывуць гадоў на дзесяць больш чым мужчыны. Гэтак з маімі бацькамі, з жончынымі, з бацькамі сяброў, знаёмых і сваякоў… Але ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей засталіся нязменнымі з часоў Шэкспіра. Я не люблю “Караля Ліра”, але знакаміты сюжэт на маіх вачах паўтараўся шматразова, адно што змянілася – замест састарэлага караля-бацькі цэнтральным персанажам зрабілася жанчына. Вядома ж, дадалося і гістэрыкі, а у астатнім усё супадае.
Нешта там пра “… донну мія… “ спяваў Чэлентана. Яго хрыпаты і саладжавы голас ляцеў з чорных калонак. Вось пад гэтую музыку і выйшлі на плошчу шабашнікі — Сяргей з Алікам. Сяргей апрануў чорныя скураныя штаны і джынсовую кашулю, Алік джынсы і скураны чорны пінжак. На нагах у абоіх – красоўкі, у зубах незапаленыя цыгарэты… Бармэн убачыў сваіх аднакласнікаў, калі яны падыйшлі да яго чырвонага “Форда”. Бармэн хацеў выскачыць з-за стойкі, хацеў крыкнуць, але не зрабіў ні першага ні другога. Тэлефон з раніцы не працаваў. Усе, а ў бары сядзела пяцёра мужчын і адна жанчына, павярнуліся да вокнаў. Бармэн сціскаў чорную слухаўку, як гантэлю. Чэлентана спяваў не толькі для наведвальнікаў бара, на плошчы таксама было добра чуваць. Алік з Сяргеям пераглянуліся. У руцэ Сяргея з’явіўся малаток, У Аліка доўгая “фомка”. Бармэн купіў машыну два тыдні таму, яна была як новая. Песьня не паспела скончыца, а машына зрабілася старой. Бармэн з-за стойкі не выйшаў. Ён адчуваў сваю віну перад аднакласнікамі — Алікам і Сяргеям. Верка была Аліку жонкай, а Сяргею сястрой.
Куды ён сыйшоў, куды адляцеў? Раней яна ўвесь час адчувала яго прысутнасць, хоць і не задумвалася, а ці ёсць ён – анёл-ахоўнік. Яна радавалася кожнаму імгненню жыцця, глытку халоднай вады, фотаздымку, на якім яна маленькая з дубчыкам у руцэ. Радавалася кожнай блізкасці з мужам. Яна не спяшалася сама і не прыспешвала тых, хто быў побач. Жыла сённяшнім днём, сёняшнімі клопатамі. Былі грошы – добра, не было, што ж хутка з’явяцца. Яна пражывала кожны дзень і радасна засынала, ведала што наступны дзень будзе не горшы за папярэдні… Праходзіла побач з люстэркам і не магла не зірнуць на сваё адлюстраванне, не магла… А цяпер ўсё не так. Знікла тая невыносная лёгкасць быцця. Я гляджу на яе чысты твар, на светлыя валасы, скультурныя, як намаляваныя пад лекала плечы, на тонкія, такіх ні ў кога больш не бачыў рукі … Я гляжу на яе і прашу цябе, анёл-заступнік, вярніся. І не адыходзь ад яе. Будзь заўсёды побач. Прашу цябе, пачуй.